Пачатак навучальнага года павінен быць  насычаным, яркім і запамінальным, тым больш калі ён супадае з адкрыццём тэатральнага сезона.

Юбілейны 25-ты тэатральны сезон Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі 7 верасня 2016 г. традыцыйна ўзяў старт са спектакля “Адвечная песня” па аднайменным творы Янкі Купалы. Да мерапрыемства далучыліся і студэнты І курса педыятрычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

 Сама паэма ўключае 12 праяў, якія дастаткова поўна раскрываюць жыццёвы шлях чалавека ад нараджэння да смерці. На хрэсьбінах маленькага селяніна збіраюцца вобразы Жыцця, Долі, Бяды, Холаду і Голаду, якія прарочаць лёс дзіцяці і даюць яму імя Мужык.

Класіка ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Фольк-опера ўдала спалучае народныя матывы і рок-музыку. Спектакль успрымаецца як захапляльнае падарожжа ў гістарычнае мінулае роднай зямлі на прыкладзе праўдзівага мужыцкага лёсу  - цяжкага, сумнага і нават трагічнага.

Эмацыянальнсць і шчырасць акцёраў дасканала перадаюць гледачу і радасць, і гора селяніна. А беларускае слова, якое гучна разліваецца са сцэны,  дапамагае яшчэ раз задумацца і ўспомніць, хто ж мы, і тым самым абудзіць нацыянальную свядомасць у маладога пакалення. Усхваляваныя вочы студэнтаў пасля прагляду спектакля паслужылі яскравым доказам таго, што мэта была дасягнута. Кожны сапраўдны беларус павінен цвёрда памятаць, што наша гісторыя і мова – гэта трывалы падмурак, на якім трымаецца наша сучаснасць і зараджаецца будучыня.

Носік А. А., ст. выкладчык кафедры беларускай і рускай моў

 

 Поделитесь