23 сакавіка на кафедры беларускай і рускай моў адбылася сустрэча з літаратарамі Міхаілам Валодзіным і Віталём Рыжковым. Ніколі і нікому не будзе залішнім паслухаць і паразмаўляць з разумнымі людзьмі. Сустрэча адразу ж узяла накірунак у бок дыялогу: пачуць адказ на тое, што цябе цікавіць. І вось мы ўжо гуляем па старажытных вуліцах Мінска, а іменна так і была прадстаўлена кніга М. Валодзіна “Наш стары добры Вавілон. Прагулкі па горадзе ў мінскіх гісторыйках”.
Кніга, у якой М. Валодзіну ўдалося аб’яднаць пад адной вокладкай зборнік гарадскіх апавяданняў, міфалагічны і незвычайны падарожны даведнік па горадзе. Дзякуючы таму, што “Мінскія гісторыйкі” (так аўтар называе свае кароткія апавяданні) месцяцца ўздоўж аднаго з самых папулярных гарадскіх маршрутаў і суправаджаюцца картай, чытачы змогуць здзейсніць і самастойныя прагулкі. І не ў самоце, а ў кампаніі Дастаеўскага і Талстога, Купалы і Коласа, Мальера і Вальтэра, Кацярыны І і Пятра Вялікага, Пушкіна, Александроўскай, Фідэля Кастра ды іншых “мінчан”. Гэту кнігу можна пачытаць па-руску, па-англійску, па-беларуску.
На беларускую мову яе пераклаў другі госць – Віталь Рыжкоў. Не адзін раз ён сарваў апладысменты пасля прачытаных (так па-майстэрску, з жэстамі, мімікай!) сваіх вершаў. Прадстаўленая ім кніжка “Дзверы, замкнёныя на ключы” адразу ж выклікала зацікаўленасць і жаданне выйсці на адпаведны сайт і чытаць, чытаць. Дзякуй за сустрэчу.